Беларуская мова (пераказы)

 

     3 клас

На зімнім паляванні

Аднойчы стары́́ паляўнічы пайшоў у лес.  З ім быў верны сабака Буран.

Доўга яны блукалі па прыгожым зімовым лесе. Прыемна было раніцай удыхнуць чыстага марознага паветра.

Раптам сабака насцярожыўся. Ён пачуў звера. Паляўнічы ўбачыў пад соснамі вялікі сумёт. Гэта быў бярлог. У ім спаў мядзведзь. Паляўнічы прыціх, крыху пастаяў каля бярлога і пайшоў дамоў.

Хай жыве касалапы!

 Добрае сэрца

Барсік — незвычайны сабака. Ён вельмі разумны. Майстар на розныя рэчы. I сэрца ў яго добрае.

Аднойчы пайшоў дождж. Па двары хадзілі кураняты. Пабеглі яны хавацца ў будку. Барсік уступіў малым сваю кватэру. Сам жа лёг каля будкі. Так праляжаў ён, пакуль дождж не перастаў. Кураняты павылазілі з будкі і пабеглі да маці.

                Незвычайны  грыбнік

Кожны грыбнік мае свае мясціны. Меў такую і Толік. Гэта была светлая паляна сярод лесу. На ёй расло многа падбярозавікаў.

 Адзін раз прыбег Толік на палянку і здзівіўся. На ёй ляжала многа карэньчыкаў ад грыбоў. Нехта не пашкадаваў грыбніцы.

 Раптам з лесу выйшаў лось. Ён панюхаў паветра. Потым пачаў збіраць грыбы. Лясны жыхар адкусваў толькі шапачку. Корань ён выкідаў. 

Толік не стаў пужаць лася. Такога грыбніка хлопчык бачыў першы раз. 


Не разгубіўся

   Я спыніўся каля калгаснага саду. Стаяў ціхі цёплы надвячорак. Раптам пачуўся трывожны крык птушкі. Я зірнуў угару. Раз’юшаны каршун лавіў шпака. Драпежнік кідаўся на шпака то збоку, то зверху.

    Я моцна свіснуў. Шпак закружыўся ў паветры, склаў крылы і камнем паляцеў на мяне. За ім імчаў каршун. Шпак спыніўся каля маіх ног, а каршун са свістам праляцеў над галавой.

    Калі драпежнік быў ужо высока, высока, шпак спакойна паглядзеў на мяне і паляцеў на ліпу. Там школьнікі яшчэ вясной прымацавалі шпакоўню.

Прыкладны план:

  1. Цёплы надвячорак.

  2. Каршун ловіць шпачка.

  3. Шпак шукае дапамогі.

  4. Небяспека мінула.